У выпадку парушэньняў

instruktsyiya

ШТО ТРЭБА ВЕДАЦЬ, КАЛІ ВАС АБО ВАШЫХ ЗНАЁМЫХ СУПРАЦЬ ВОЛІ ПРЫВЕЗЬЛІ Ў ПСІХІЯТРЫЧНЫ ШПІТАЛЬ?

7 студзеня 2012 года ўступіў у сілу ў новай рэдакцыі Закон Рэспублікі Беларусь №349-3 “Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі”. Закон быў падрыхтаваны не юрыстамі, а псіхіятрамі, якія, на думку асобных спэцыялістаў, паставілі сабе за мэту паменшыць колькасьць бюракратычнай нагрузкі ў сваёй працы і зьнізіць узровень кантролю грамадзтва над тым, што адбываецца ў закрытых установах. У выніку, сыходзячы з цяперашняй рэдакцыі закона, існуе высокая верагоднасьць вяртаньня да практыкі карнай псыхіятрыі.

Напрыклад, згодна з артыкулам 40 Закона “правы пацыентаў могуць быць абмежаваныя па рэкамендацыі лекара, загадчыкам аддзяленьня альбо кіраўніком псыхіятрычнага стацыянара, калі іх выкананьне нясе непасрэдную небясьпеку для гэтых пацыентаў і (або) іншых асобаў”. Такім чынам, могуць быць абмежаваныя наступныя правы:

  • весьці перапіску;
  • адпраўляць і атрымліваць тэлеграмы, лісты, грашовыя пераводы, пасылкі і бандэролі, атрымліваць перадачы;
  • карыстацца тэлефонам.

Іншымі словамі, чалавек застаецца цалкам адрэзаным ад зьнешняга сьвету. Відавочна, правы чалавека ў дадзеным выпадку будуць парушаныя, аднак у Рэспубліцы Беларусь гэта становіцца законным.

Для параўнаньня мы прапануем азнаёміцца з «Прынцыпамі абароны псіхічна хворых асобаў і паляпшэньня псіхіятрычнае дапамогі», што былі прынятыя рэзалюцыяй 46/119 Генеральнай Асамблеі ад 17 сьнежня 1991 года, падпункт C першага пункта Прынцыпа №13 («Правы і ўмовы ўтрыманьня ў псіхіятрычных установах») якога паведамляе, што «Любы пацыент, які ўтрымліваецца ў псіхіятрычнай установе, мае права, у прыватнасьці, на поўную павагу ягонай свабоды камунікацыі, якая уключае свабоду камунікацыі з іншымі асобамі ў межах дадзенай установы; свабоды дасылаць і атрымліваць прыватныя паведамленьні, якія не падлягаюць цэнзуры; свабоды прымаць сам-насам адваката ці асабістага прадстаўніка, у любы разумны час, іншых наведвальнікаў; і свабоды доступа да паштовых і тэлефонных паслугаў, а таксама да газетаў, радыё і тэлебачаньня»

 

Што неабходна ведаць пры кантакце з лекарамі і праваахоўнікамі?

Прымусовай шпіталізацыі падлягаюць пацыенты з псіхатычнымі засмучэньнямі, якія выразна выяўляюцца. Псіхатычныя засмучэньні – гэта зборная назва групы разнастайных псіхічных разладаў, якія суправаджаюцца прадуктыўнай псіхапаталагічнай сімптаматыкай – трызьненьнем, галюцынацыямі, псеўдагалюцынацыямі, дэперсаналізацыяй і г.д. Іншымі словамі, чалавек павінен альбо пагражаць жыцьцю або здароўю людзей навокал (пагрозы гвалтам, гвалт), альбо несьці небясьпеку ўласнаму здароўю (дэзарыентацыя, адмова ад ежы, etc.). У іншых выпадках чалавек НЕ ПАВІНЕН падвяргацца прымусоваму, дэ-факта, пазбаўленьню волі.

Псіхіятрыя па алгарытме дзеяньняў шмат у чым падобная з пенітэнцыярнай сістэмай:

  1. Каб чалавек трапіў у псіхіятрычную лячэбную ўстанову, на яго кімсьці абавязкова павінна быць складзеная заява на імя галоўнага лекара (міліцыя, суседзі, etc.).
  2. Далей праводзіцца УКК – урачэбна-кансультацыйная камісія.
  3. Для лячэньня па рашэньні УКК ў абавязковым парадку неабходная санкцыя пракурора і суда.

Паміж паступленьнем у стацыянар і УКК можа прайсьці пэўны час, на працягу якога не ладзіцца лячэньне, ажыцьцяўляецца толькі назіраньне.

Сёньня з-за відавочнай недасканаласьці Закона “Аб аказаньні псіхіятрычнай дапамогі” у грамадзян ёсьць адзіная надзейная абарона – не падпісваць згоды на праходжаньне ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі. Рэкамендуецца не падпісваць ніякіх папераў зусім, бо існуе небясьпека, што, напрыклад, пры канфіскацыі адзеньня дробным шрыфтам можа быць прапісанай згода на лячэньне (такія выпадкі ўжо былі зафіксаваныя).

Трэба памятаць, што з лекарамі трэба паводзіць сябе заўсёды карэктна, да таго, як патрапіць у закрытую ўстанову, трэба як мага хутчэй паведаміць блізкім людзям пра тое, куды вас вязуць і паведаміць ім пра адмову ад праходжаньня якіх-небудзь экспертызаў. Рэкамендуецца зьвязацца з адвакатам або праваабаронцамі, кантакты якіх у вашым горадзе вы можаце знайсьці па спасылцы: www.spring96.org або паведаміць нам.

Be the first to comment

Leave a Reply

Your email address will not be published.


*