Пра ініцыятыву

Хто мы?
Магілеўская прававабарончая група – ініцыятыва, якая займаецца пытаньнямі, зьвязанымі з праблемамі выкананьня Правоў чалавека ў сфэры аказаньня псіхіятрычнае дапамогі ў Беларусі правоў асобаў з мэнтальнымі (псіхічнымі) разладамі.

Чым мы займаемся?
Сфэра псіхічнага (мэнтальнага) здароўя зьяўляецца вельмі аб’ёмнай, бо ахоплівае вялікі спэктр праблемаў, зьвязаных як з матэрыяльнымі, нарматыўнымі акалічнасьцямі, гэтак і з культурнымі. У бліжэйшай пэрспэктыве мы ставім перад сабой дзьве асноўныя задачы:
• артыкуляцыя наяўнасьці праблемы дыскрымінацыі асобаў з мэнтальнымі (псіхічнымі) разладамі і супрацьдзеяньне ёй;
• супрацьдзеяньне выкарыстоўваньню мэдыцыны ў рэпрэсіўных мэтах (“карная псіхіятрыя”).

Чаму мы гэтым займаемся?
Здароўе кожнага чалавека ёсьць неабходнай умовай для яго індывідуальнага разьвіцьця і магчымасьці ягонага канструктыўнага і паўнавартаснага ўдзелу ў разьвіцьці грамадзтва. Псіхічнае здароўе – істотная ягоная частка. Як паказваюць розныя дасьледваньні і пра што гаворыцца ў Эўрапейскім пляне дзеяньняў па ахове псіхічнага здароўя, кожны 4-ты, а то і 3-ці чалавек у сьвеце пакутуе на псіхічныя разлады цягам жыцьця.
Псіхічнае здароўе вызначаецца ня толькі як адсутнасьць псіхічных расстройстваў, яно залежыць ад сацыяльна-эканамічных, біялагічных фактараў. Кожны з нас і нашых сваякоў можа мець патрэбу ў карыстаньні якасных паслугаў дадзенае сфэры.
Сусьветнай псіхіятрычнай асацыяцыяй прызнаецца той факт, што псіхіятрычны дыягназ зьяўляецца стыгмай, якая перашкаджае ў сацыяльнай адаптацыі і рэалізацыі прадугледжаных законам правоў. Парушэньні элемэнтарных свабодаў, адмовы ў прадастаўленьні грамадзянскіх, палітычных, эканамічных, сацыяльных і культурных правоў асобам з псіхічнымі разладамі ёсьць характэрнымі як знутры мэдыцынскіх установаў, гэтак і па-за іхнімі сьценамі.
У Рэспубліцы Беларусь на сёньня маецца больш за 40 установаў закрытага тыпу, якія займаюцца аказаньнем псіхіятрычнае дапамогі і, пасьля прыняцьця ў 2012 годзе новага Закону “Аб аказаньні псіхіятрычнае дапамогі”, адсутнічае магчымасьць грамадзкага кантролю за тым, што там адбываецца.
Таксама маюцца выпадкі прымусовае шпіталізацыі асобаў, якія ня маюць псіхічных разладаў, за іхнюю актыўную грамадзянскую пазыцыю.

Be the first to comment

Leave a Reply

Your email address will not be published.


*