Асноўная інфармацыя пра псіхічнае (мэнтальнае) здароўе

Асноўная інфармацыя пра псіхічнае (мэнтальнае) здароўе
Асноўная інфармацыя пра псіхічнае (мэнтальнае) здароўе

Прапануем вам азнаёміцца з асноўнай інфармацыяй пра псіхічнае (мэнтальнае) здароўе, якую прапануе Сусьветная Арганізацыя Аховы Здароўя.

  • Псіхічнае здароўе – гэта не толькі адсутнасьць псіхічных разладаў.
  • Псіхічнае здароўе зьяўляецца неад’емнай часткай здароўя; сапраўды, без псіхічнага здароўя няма здароўя.
  • Псіхічнае здароўе вызначаецца шэрагам сацыяльна-эканамічных, біялагічных фактараў, а таксама фактараў, датычных навакольнага асяродзьдзя.

Для ўмацаваньня псіхічнага здароўя існуюць эфектыўныя па кошце міжсэктаральныя стратэгіі і мерапрыемствы грамадзкай здравааховы.

Псіхічнае здароўе зьяўляецца неад’емнай часткай і найважнейшым кампанентам здароўя. У Статуце СААЗ гаворыцца: “Здароўе зьяўляецца станам поўнага фізычнага, душэўнага і сацыяльнага дабрабыту, а не толькі адсутнасьцю хваробаў і фізычных дэфектаў”. Важным сьледствам гэтага вызначэньня зьяўляецца тое, што псіхічнае здароўе – гэта не толькі адсутнасьць псіхічных разладаў і формаў інваліднасьці.

Псіхічнае здароўе – гэта стан дабрабыту, у якім чалавек рэалізуе свае здольнасьці, можа супрацьстаяць звычайным жыцьцёвым стрэсам, прадуктыўна працаваць і рабіць унёсак сваёй супольнасьці. У гэтым пазітыўным сэнсе псіхічнае здароўе зьяўляецца асновай дабрабыту чалавека і эфектыўнага функцыянаваньня супольнасьці.

Псіхічнае здароўе і дабрабыт маюць важнейшае значэньне для нашай калектыўнай і індывідуальнай здольнасьці ў якасьці разумных істотаў думаць, выяўляць эмоцыі, размаўляць адзін з адным, зарабляць сабе на пражываньне і атрымліваць задавальненьне ад жыцьця. Улічваючы гэты факт, умацаваньне, абарона і аднаўленьне псіхічнага здароўя могуць успрымацца індывідамі, супольнасьцямі і садружнасьцямі ва ўсім сьвеце як дзеяньні, якія маюць жыцьцёва важнае значэньне.

 

Дэтэрмінанты псіхічнага здароўя

Узровень псіхічнага здароўя чалавека ў кожны дадзены момант часу вызначаецца шматлікімі сацыяльнымі, псіхалагічнымі і біялагічнымі фактарамі. Так, напрыклад, устойлівы сацыяльна-эканамічны ціск прызнаецца фактарам рызыкі для псіхічнага здароўя асобных людзей і супольнасьцяў. Відавочныя фактычныя дадзеныя зьвязаныя з паказчыкамі галечы, уключаючы нізкія ўзроўні адукацыі.

Дрэннае псіхічнае здароўе зьвязана таксама з хуткімі сацыяльнымі пераменамі, стрэсавымі ўмовамі на працы, гендарнай дыскрымінацыяй, сацыяльным адчужэньнем, нездаровым ладам жыцьця, рызыкамі гвалту і фізычных хваробаў, а таксама з парушэньнямі правоў чалавека.

Існуюць таксама адмысловыя псіхалагічныя і асабістыя фактары, з-за якіх людзі становяцца ўразьлівымі перад псіхічнымі разладамі. І, нарэшце, маецца шэраг біялагічных прычынаў псіхічных разладаў, уключаючы генетычныя фактары, якія спрыяюць дысбалансу хімічных рэчываў у мозгу.

 

Умацаваньне і абарона псіхічнага здароўя

Умацаваньне псіхічнага здароўя ўключае ў сябе дзеяньні па стварэньні ўмоваў жыцьця і навакольнага асяродзьдзя, якія падтрымліваюць псіхічнае здароўе і якія дазваляюць людзям весьці здаровы лад жыцьця. Сюды ўваходзіць цэлы шэраг дзеяньняў, накіраваных на павышэньне верагоднасьці таго, што большая колькасьць людзей будуць мець лепшае псіхічнае здароўе.

Атмасфэра, у якой забясьпечаныя павага і абарона асноўных грамадзянскіх, палітычных, сацыяльна-эканамічных і культурных правоў, зьяўляецца асновай умацаваньня псіхічнага здароўя. Пры адсутнасьці бясьпекі і свабоды, якія забясьпечваюцца гэтымі правамі, падтрымліваць высокі ўзровень псіхічнага здароўя вельмі складана.

Нацыянальная палітыка ў галіне аховы псіхічнага здароўя мусіць быць арыентаванай не толькі на псіхічныя разлады, але і на больш шырокія аспэкты, якія спрыяюць умацаваньню псіхічнага здароўя. Пытаньні ўмацаваньня псіхічнага здароўя неабходна ўлічваць у стратэгіях і праграмах дзяржаўнага і недзяржаўнага сектараў. Акрамя сектара аховы здароўя да вырашэньня гэтых пытаньняў неабходна таксама прыцягваць такія сектары, як адукацыя, працаўладкаваньне, правасудзьдзе, транспарт, навакольнае асяродзьдзе, жыльлёвае будаўніцтва і сацыяльнае забесьпячэньне.

Умацаваньне псіхічнага здароўя ў значнай меры залежыць ад міжсектаральных стратэгіяў. Канкрэтныя шляхі ўмацаваньня псіхічнага здароўя ўключаюць наступныя:

  • мерапрыемствы ў раньнім дзяцінстве (напрыклад, візіты цяжарных жанчын, дашкольныя псіхасацыяльныя мерапрыемствы, камбінаваная дапамога ў галіне харчаваньня і псіхасацыяльных аспэктаў для групаў насельніцтва, якія знаходзяцца ў неспрыяльным становішчы);
  • падтрымка дзяцей (напрыклад, праграмы па набыцьці навыкаў, праграмы па развіцьцю дзяцей і маладых людзей);
  • прадастаўленьне сацыяльна-эканамічных магчымасьцяў жанчынам (напрыклад, паляпшэньне доступу да адукацыі і схемы мікракрэдытаваньня);
  • сацыяльная падтрымка састарэлых людзей (напрыклад, ініцыятыва па арганізацыі знаёмстваў, мясцовыя дзённыя цэнтры для састарэлых людзей);
  • праграмы, нацэленыя на ўразьлівыя групы насельніцтва, уключаючы меншасьці, карэнныя народы, мігрантаў і людзей, якія пацярпелі ад канфліктаў і стыхійных бедстваў (напрыклад, псіхасацыяльныя мерапрыемствы пасьля стыхійных бедстваў);
  • мерапрыемствы па ўмацаваньні псіхічнага здароўя ў школах (напрыклад, праграмы па ўкараненьні экалагічных зьмяненьняў у школах і школы са спрыяльнымі ўмовамі для дзяцей);
  • мерапрыемствы па ўмацаваньні псіхічнага здароўя на працоўных мейсцах (напрыклад, праграмы па прафілактыцы стрэсу);
  • стратэгіі ў галіне жыльлёвых умоваў (напрыклад, паляпшэньне жыльлёвых умоваў);
  • праграмы па прадухіленьні гвалту (напрыклад, абмежаваньне доступу да алькаголю і зброі);
  • праграмы развіцьця асобных супольнасьцяў (напрыклад, ініцыятывы “Супольнасьці, якія клапоцяцца”, комплекснае сельскае развіцьцё);
  • памяншэньне маштабаў галечы і сацыяльная абарона безмаёмасных;
  • антыдыскрымінацыйныя законы і кампаніі;
  • умацаваньне правоў і магчымасьцяў асобаў з псіхічнымі разладамі і клопату пра іх.

 

Догляд і лячэньне ў галіне псіхічнага здароўя

У кантэксьце нацыянальных намаганьняў па распрацоўцы і ажыцьцяўленьню палітыкі ў галіне псіхічнага здароўя вельмі важна не толькі абараняць і ўмацоўваць псіхічны дабрабыт грамадзян, але таксама вырашаць праблемы, зьвязаныя з патрэбамі асобаў з пэўнымі псіхічнымі разладамі.

На працягу мінулага дзесяцігодзьдзя значна палепшылася разуменьне таго, што неабходна рабіць датычна цяжару псіхічных разладаў, які імкліва расьце. Расьце аб’ём інфармацыі, якая сьведчыць аб выніковасьці і эфектыўнасьці з эканамічнага пункту гледжаньня найважнейшых мерапрыемстваў па прыярытэтных псіхічных разладах у краінах з рознымі ўзроўнямі эканамічнага развіцьця. Прыкладамі такіх дзеяньняў, якія зьяўляюцца эфектыўнымі з эканамічнага пункту гледжаньня, выканальнымі і даступнымі па кошце, адносяцца:

  • лячэньне эпілепсіі пры дапамозе антыэпілептычных лекавых сродкаў;
  • лячэньне дэпрэсіі з дапамогай псіхатэрапіі і ў выпадку дэпрэсіі сярэдняй або цяжкай ступені антыдэпрэсантамі (генэрыкаў);
  • лячэньне псіхозаў антыпсіхатычнымі сродкамі, якія ўжываліся раней, у спалучэньні з псіхасацыяльный падтрымкай;
  • падаткаабкладаньне алькагольных напояў і абмежаваньне іх продажу і рэкламы.

Акрамя таго, існуе шэраг эфектыўных захадаў для прадухіленьня самагубстваў, прадухіленьня і лячэньня псіхічных разладаў у дзяцей, прадухіленьня і лячэньня дэменцыі, а таксама лячэньня разладаў, выкліканых ужываньнем псіхаактыўных рэчываў. У межах Праграмы дзеяньняў СААЗ па ліквідацыі прабелаў у галіне псіхічнага здароўя (mhGAP) распрацаваныя заснаваныя на фактычных дадзеных кіруючыя прынцыпы для неспэцыялістаў, з дапамогай якіх яны змогуць выяўляць і весьці шэраг прыярытэтных разладаў псіхічнага здароўя.

 

А таксама прапануем вам прыняць удзел у публічных дыскусіях, прысьвечаных пытаньням правоў чалавека ў сфэре мэнтальнага здароўя, бліжэйшая зь якіх адбудзецца 28 верасьня 2016 года ў Магілеве. Бліжэйшым часам зьявіцца падрабязьнейшая інфармацыя пра іх.

Be the first to comment

Leave a Reply

Your email address will not be published.


*